Главная » 2017 » Январь » 21 » Поставщина один из немногих районов, который имеет собственную авиацию

Поставщина один из немногих районов, который имеет собственную авиацию

21.01.2017 в 12:02 просмотров: 412 комментариев: 0 Поставы

Далёка не кожны раён Віцебшчыны можа пахваліцца сваёй авіяцыяй. У паўночна-заходнім рэгіёне  вобласці такую маюць, бадай, толькі Паставы. Непадалёку ад горада  месціцца атрад Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы “Авіяцыя” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

– Сама ДААВУ,– расказвае начальнік атрада палкоўнік Алег Ярома, - была створана ў  2003 годзе на базе аэрадрома “Ліпкі” пад Мінскам. А наша падраздзяленне трапіла ў яе склад два з паловай гады назад, калі праводзілася аптымізацыя органаў пагранічнай службы. Менавіта тады і было прынята рашэнне пра перадачу Міністэрству па надзвычайных сітуацыях вёрталетнага атрада пагранслужбы, які размяшчаўся ў Азёрках паблізу Пастаў. У “Авіяцыю” МНС мы перайшлі практычна ўсім складам — з тэхнікай і спецыялістамі. Зараз атрад налічвае каля 80 чалавек, на яго ўзбраенні чатыры верталёты — тры АС-355NP “Экюрэль” і адзін Мі-8. Маем  свае авіяцыйную, інжынерна-авіяцыйную, аўтамабільную і аэрадромную службы, аддзяленне сувязі.  Месца дыслакацыі – урочышча Азёркі – не мянялі.

Змена падпарадкаванасці некалькі пашырыла поле дзейнасці атрада. Цяпер гэта і правядзенне авіяцыйных аварыйна-выратавальных работ, і забеспячэнне кіравання і сувязі, і апавяшчэнне насельніцтва цяжкадаступных раёнаў пра надзвычайныя сітуацыі, і паветраныя перавозкі. У працэсе вырашэння задач цесна ўзаемадзейнічаюць з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях: абменьваюцца аператыўнай інфармацыяй, РАНС дапамагае сачыць за бяспекай палётаў — на аэрадроме дзяжурыць іх пажарны разлік. Такое ж плённае супрацоўніцтва існуе з органамі пагранічнай службы, міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя.

У пастаўскіх авіятараў вялікая тэрыторыя кантрольных вылетаў – уся Віцебская вобласць, часткова Гродзенская ў смаргонскім накірунку, Мінская да Барысава. Усё, што далей на поўдзень, кантралюе авіяцыйны атрад з “Ліпак”.

- Але летам, - удакладняе Алег Ярома,-  наш АС-355 з экіпажам даволі часта знаходзіцца на аэрадроме ў “Ліпках”. Французская машына эканамічнейшая за Мі-8. Яе лягчэй падняць у паветра, верталёт больш манеўраны, у час пошукаў на ім зручней аблятаць мясцовасць, дзе неабходна рабіць крутыя развароты, асабліва актуальна гэта на прыгранічных тэрыторыях. І паколькі АС-355 ёсць толькі ў нашым атрадзе, пастаўскія экіпажы дзяжураць і на іншых базах, у прыватнасці, у Гомелі і Пінску.

Аказалася, што часцей за ўсё верталётчыкам даводзіцца шукаць грыбнікоў ды ягаднікаў. Па словах палкоўніка, рабілі гэта не толькі на Пастаўшчыне, але і ў Расонскім, Докшыцкім, Слуцкім раёнах. Спачатку з паветра аглядалі лясныя паляны, сцежкі. А калі гэта не прыносіла выніку, прыбягалі да дапамогі іншых служб, што падказвалі, з якога месца ў апошні раз тэлефанаваў чалавек. Там прызямляліся і высаджвалі спецыялістаў.

Па такім жа прынцыпе арганізуецца дапамога пагранічнікам. Іх нарады з верталёта аглядаюць мясцовасць, а пры пагрозе парушэння граніцы вайскоўцы працягваюць пошук на зямлі. Мінулай восенню такіх сумесных вылетаў было шмат. Летась жа з прадстаўнікамі “Газпрама” экіпажы пастаўскіх авіятараў аглядалі з паветра трубы газаправода, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі ў Еўропу. І людзей ратавалі, два-тры разы на месяц верталётчыкам даводзілася перавозіць цяжкахворых у лячэбныя ўстановы буйных гарадоў.

- Нам трэба заўсёды быць у стане павышанай гатоўнасці на выпадак пазаштатнай сітуацыі. Вось чаму мы асвоілі перавозку груза вагой у адну тону ў падвешаным стане, восенню ў час вучэнняў адпрацавалі пад’ём чалавека ці прадмета з вады. Можа здарыцца рознае, і да ўсяго трэба быць гатовым.

Витебские вести

Фотографии по теме
Комментарии 0
avatar
Copyright © 2014 MEGANEWS. Хостинг от uCoz Design created by ATHEMES